Апошнім часам з'явіўся цэлы шэраг працаў, якія раскрываюць нам іншы аспекты і далягляды паўставання беларускай ідэі. Звяртаецца ўвага на значную ролю заходнерусізму ў яе фарміраванні (Булгакаў, Марзалюк, Латышонак), а таксама савецкай палітыкі мадэрнізацыі і ўрбанізацыі (Богдан). І гэта цешыць. Тое, пра што падазравалі раней, але баяліся агучыць услых. Асабіста для мяне гэта не навіна, а пацверджанне ўласных назіранняў і развагаў. Вядома, да гэтага можна ставіцца па-рознаму, але ў любым разе сабраная фактура карысная. Бо дазваляе зразумець прычыны таго становішча, у якім мы знаходзімся зараз. Мне здаецца, што апошнія 15 гадоў існавання РБ - заканамерны вынік тых асноваў, якія, як паказваюць згаданыя даследчыкі, закладаіся ў падваліны беларускай ідэі ад самога пачатку.
Пытанне ў іншым. Як гэта ўспрымаць? Спакойна. Тое, што ў цмянай генеалогіяй беларускасці хаваюцца монстры хлапаманіі і бальшавізму - можна успрымаць і як станоўчую з'яву. Дзеля таго, каб выявіць і культываваць нешта іншае. Менавіта таму літвінізм, які сёння модна ганіць з боку беларускіх нацыянал-бальшавікоў, дзіўным чынам пазначае шлях да іншых даляглядаў і каштоўнасцяў. Гэта іншая пакрыёмая плыня ў беларускасці, якую не змаглі вынішчыць. Яе існаванне дазваляе ў іншай перспектыве глядзець на тое, што здаецца безумоўна станоўчым для бел. нацыяналістаў. Скажам, "уз'яднанне" Беларусі ў 1939 годзе.
Перакананы, што для Краю гэта быў апошні акт трагедыі па знішчэнні традыцыйнага ладу. Можна колькі заўгодна трызніць, пра Бярозу Картузскую ды польскую палітыку асіміляцыі і тое, што беларускай нацыі не было б. Дапусцім, уявім, што беларусы сапраўды масава пачалі б размаўляць па-польску. І гэта было б лепей, чым цяперашнія ўшчэнт русіфікаваныя беларусы без моцнай ідэнтычнасці. Хай бы ў Менску гучала пальшчызна, чым расейшчына. Яшчэ пажыў бы і зрабіў шмат карыснага для Айчыны Раман Скірмунт, а Эдвард Вайніловіч зафундаваў бы яшчэ не адну адну бажніцу ў Менску. Мы захавалі б уласную эліту - шляхту колішняга ВКЛ. Галаву, без якой народ - гэта зомбі. Упэўнены, у Польшчы быў бы зусім іншы клімат і беларуская адметнасць усё роўна ўзяла б сваё - у форме рэгіянальнай або нацыянальнай яна была б больш фундаментальнай і паспяховай з'явай, чым у БССР. Не кажучы ўжо пра тое, што палякі не сталі масава вынішчаць усіх беларускіх актывістаў (асабліва калі б яны не захапляліся камунізмам). Панове, перачытайце ўважліва "У кіпцюрох ГПУ" Францішка Аляхновіча. Мае сімпатыі цалкам на ягоным баку, а не Браніслава Тарашкевіча, які паплаціўся за сваю глупоту жыццём. Сапраўднае ўз'яднанне адбылося б, калі б Пілсудскі дайшоў да Дняпра.
Сёння палярызацыя адбываецца ўжо ў інтэлектуальнай сферы. Мы маем магчымасць пад маскамі ўбачыць сапраўднае аблічча асобаў і ідэй. Значыць, прыйшоў час і для тых, хто захоўваё вернасць легітымнай літоўскай традыцыі, хто ўшаноўвае памяць і ўчынкі тутэйшай арыстакратыі і ніколі не згадзіцца з недарэчнымі межамі, якія падзялілі Край на Беларусь і Літву.